КАНДЫ́ТАРСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па выпуску кандытарскіх вырабаў на спецыялізаваных прадпрыемствах. Вырабляе цукеркі, шакалад, дражэ, ірыс, карамель, халву, тарты, пячэнне і інш. Сыравіна: цукар, мёд, патака, садавіна і ягады, мука, малако, яйкі, масла, тлушч, крухмал, какава, арэхі, харч. кіслоты і дабаўкі і інш. Кандытарскія вырабы падзяляюцца на цукрыстыя (іх вырабляюць на кандытарскіх ф-ках) і мучныя (пераважна на прадпрыемствах хлебапякарнай прамысловасці).

К.л. развіта ў Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Германіі і інш. еўрап. краінах. Вытв-сць цукрыстых кандытарскіх вырабаў, а таксама розных мучных кандытарскіх вырабаў (бісквітаў, кексаў, крэкераў і інш.) найб. развіта ў ЗША і Вялікабрытаніі.

На Беларусі ў пач. 20 ст. кандытарскія вырабы выпускалі пераважна саматужнікі і невял. прадпрыемствы. Найб. вядомы былі кандытарскія ф-кі «Саламбо» ў Мінску і «Прасвет» у Гомелі. Падобная фабрыка дзейнічала ў 1913—15 у маёнтку Хорвата (у 1920 адноўлена ў г. Нароўля). У 1926—27 у БССР дзейнічалі 37 кандытарскіх прадпрыемстваў, найб. з іх ф-ка «Прагрэс» у Мінску (з 1929 — «Камунарка»). У 1930 пабудаваны кандытарская ф-ка ў Бабруйску і бісквітны цэх (з 1936 бісквітная ф-ка) у Мінску. У 1927—31 гомельская ф-ка «Прасвет» рэарганізавана ў кандытарскі камбінат «Спартак».

У 1940 на Беларусі выпускалася да 41,2 тыс. т кандытарскіх вырабаў, у 1990—154,4 тыс. т, у 1995—72,6 тыс. т вырабаў (без уліку грамадскага харчавання), у т. л. 39,2 тыс. т цукрыстых. Буйнейшыя прадпрыемствы: Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак», Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны Мазыранін», а таксама ў Івянцы і Маладзечне. Амаль усю сыравіну (акрамя цукру) і тэхнал. абсталяванне галіна ўвозіць з-за мяжы.

Г.С.Смалякоў.

т. 7, с. 581

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)